эпісталярнае разважанне аб падрыхтоўцы спектакля “Гераіні”,
і не толькі ў кантэксце тэатральным
Сцэна са спектакля “Гераіні”. Фота: David Konečný.
***
Я стамілася.
Я стамілая ад дрэннага тэатра.
Я стамілася ад дрэннага беларускага тэатра.
Я стамілася ад дрэннага беларускага тэатра ў выгнанні.
***
Гераізм – гэта вытрываць x гадзін дрэннага тэатра ў эміграцыі толькі таму, што ён беларускі.
А ці гераічна такі тэатр рабіць?..
Калі ён беларускі, ды яшчэ ў выгнанні – напэўна, так. Безумоўна. Пра гэта сведчыць колькасць “стоячых” авацый пасля любога беларускага выступу за мяжой. Але для вопытнага тэатрала такі тэатр гераічны толькі ў тым выпадку, калі ён не настолькі дрэнны, што на яго нават немагчыма глядзець, — і таму аддаеш перавагу таму, каб глядзець куды-небудзь уверх (бо са спектакляў не сыходзяць), у ідэале — у столь.
***
Падчас падрыхтоўкі пастаноўкі “Гераіні” , над якой я працавала ў якасці асістэнта драматургіі, я таксама часта мела магчымасць глядзець уверх, але па-іншаму. І не на столь. На падворку тэатра Husa na provázku усё інакш — ад неба яго аддзяляе толькі тонкая металічная сетка.
Назіраю за балконам, дзе ўвесь час нешта адбываецца. Першыя ўражанні - даволі нечаканыя. Жах. Пробліскі разумення. І бездапаможнасць у тым, як растлумачыць сабе тое, што бачу і чую. Я разумею, што нельга да гэтага падыходзіць з лагічнага боку – трэба адчуваць. Тэксты беларускай драматургіні ў чэшскім перакладзе гучаць як запаволенае развіццё ўнутранага апакаліпсісу пад гукі паскараючыхся ўдараў і плёскату вады. Акторка ў афекце, акторка ў вадзе, акторка падымае галаву і пачынае заікацца... Больш за ўсё мне б цяпер хацелася праверыць тэмпературу вады ці падказаць актрысе тэкст. Але абіраю думку, што задыхацца вершамі, верагодна, мастацкі задум, які вельмі пасуе гэтай заблытанай ролі. Страх ува мне паступова пераходзіць у спакой. Беларускаму тэатру ў выгнанні сёння, здаецца, нічога не пагражае. Міжнародны мастацкі сінтэз набліжаецца да найвышэйшай кропкі – нараджэння эксперыменту, паглядзеўшы на які, напэўна, хтосьці скажа, што не ведае, што толькі што ўбачыў.
Сцэны са спектакля “Гераіні”. Фота: David Konečny, Jakub Čap.
***
Я прагну эксперыменту.
Беларускага эксперыменту ў выгнанні.
Скрыжаванняў. Выніку кантакту беларускай свядомасці з чэшскім тэатрам.
Ці будзе гэта супрацоўніцтва, альбо хутчэй канфрантацыя?
***
Займацца аўтаматычным пісьмом падчас рэпетыцый — сапраўдны творчы прывілей. Але лічу, што драматургічнай асістэнцыі спрыяе магчымасць на секунды адключыцца ад практычнага “тут і зараз” у рэпетыцыйнай зале і пагрузіцца ў выпадковыя асацыяцыі — назіраць за працэсам без удзелу або слухаць з заплюшчанымі вачыма. Успрымаць, шукаць, адказваць...
Са сцяны на мяне ўпарта глядзіць доўгі спіс розных пытанняў, складзены чатырма акторкамі і адным акторам. Я запісваю тое, што толькі што адбылося вакол і ўнутры мяне. Адкладаю нататнік. “Сыходжу”, то бок, цалкам аддаюся ўласнаму выпадковаму ходу думак. Акторка Тэрэза Марэчкава раптам малюе ў маім блакноце тры маленькія сэрцайкі. Я бачу гэта краем вока і ўсміхаюся. Нашыя сумесныя фізычныя і вакальныя практыкаванні і дыскусіі пасля іх — як тая тэрапія, якая патрэбная і мне: ня толькі як чулай творчай асобе, але перадусім як беларускай жанчыне.
Фота з рэпетыцый спектакля “Гераіні” і старонка з дзённіка. Фота: Vojtěch Šoula, архіў аўтаркі.
***
Гераізм – гэта гаварыць пра свае траўмы ўслых.
Працуем у рэпетыцыйнай залі над плакатамі. Я прыйшла пазней, але ўсё роўна далучаюся да трупы, бо адчуваю, што мне гэта патрэбна, а акрамя таго – я вельмі люблю калажы. Саджуся на падлогу, як дзіця, бо ў гэты момант магу сабе гэта дазволіць. На фоне грае музыка. Пачынаю гартаць старонкі разнастайных часопісаў і газет, шукаць асацыяцыі з уласным гераізмам, і разумею, як хутка ўключылася і працуе мая фантазія. Раптам адчуваю вялікую палёгку. Наляпляю выразаныя карцінкі на вялізны белы плакат, цешуся атрыманай эклектычнай кашай і кажу Вікторцы Кноткавай, што адчуваю сябе як дома, што мне тут добра.
Потым паступова ідзем прызнавацца, што ж мы там такое стварылі. Я апошняя ў чарзе. Загадзя ведаю, што мая прамова будзе мець больш спавядальны характар. Здаецца, што адчуваю пах цішыні – настолькі яна выразная і прыемная. У мяне тэатр - па-над усім. Для мяне гэта “ўцёк ў дзікую прыроду”, космас, мода, прырода і супярэчлівыя пачуцці. Ён адлюстроўвае маю існасць. Тэатр для мяне, як і каханне паводле цытаты з выразкі, - “за парогам жыцця”. Я знаходжу ў сабе гераізм сказаць гэта ўслых – што для мяне тэатр як вечна паўтаральныя Дзяды. “Тэатр — in flagranti”. Бог ведае, адкуль гэтая фраза. Памятаю, што з нейкага тэатразнаўчага артыкула. Значыць, што тэатр у полымі. У беларускай мове ёсць прыгожая прымаўка: “Згарэў сарай — гары і хата”. Для мяне яна апісвае як сутнасць і сэнс тэатра, так і маё ўласнае быццё. Агонь, сцэна, вечная дэрніера.
Практыкаванне падчас рэпетыцый спектакля “Гераіні”. Фота: архіў аўтаркі.
***
“Маеш голас?”
Паспрабуйце спытаць пра гэта любую жанчыну, а потым — беларускую.
Не кажу, што яна асаблівая. Але, на маю думку, беларуская жанчына даволі моцна адрозніваецца ад той, якая мае пашпарт краіны ЕЗ. Беларуская жанчына часта не адчувае сябе ў бяспецы, таму заўсёды павінна быць адважнай і мець план Б на выпадак палітычнага пераследу. Але перастану вешаць цэтлікі, усё гэта даволі адносна. Хаця — невялікая праверка: якую асацыяцыю выклікае ў чэшкі словазлучэнне “чэшскі лес”? Мяркую – прыгожая прырода, горы, дрэвы і гімн “Дзе мой дом”?
Ведаеце, што ў мяне ўсплывае перад вачыма, калі я чую словазлучэнне “беларускі лес”? Гушчар і глыбокія свежыя ямы ў зямлі. Адсюль ужо не пачуць ніякіх галасоў.
Я дзякую (напэўна, перадусім сабе, а потым МУЧР (Міністэрства ўнутраных спраў Чэшскай Рэспублікі) за тое, што зараз з вакна цягніка бачу польскі лес замест беларускага. Зноў еду на спектакль беларускага тэатра ў выгнанні. “Гераіні” натхнілі мяне купіць квіток у апошні момант і ўскочыць у цягнік, быццам у свой апошні.
Гераізм – гэта паехаць адпачываць у Беларусь пасля падзей 2020 года.
Не, нават не думай пра гэта. У тваім выпадку гераізм – гэта вытрымаць растанне з сям'ёй. Дасягнуць таго, пра што дома можна толькі марыць, “слізгануць па Млечным Шляху, аблізаць зоркі” — успамінаю радкі з “гераічнага” маналогу акторкі Тэрэзы Валанкавай.
Мець голас — гэта тое, пра што ў Беларусі можна толькі марыць. Мы вяртаемся да гэтай тэмы амаль на кожнай рэпетыцыі “Гераінь”, таму што гэта проста непазбежна, гэта актуальна, гэта рэальнасць і гэта вар'яцтва. Там нельга сумленна прагаласаваць або потым услых казаць пра фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Слова “голас” у мяне асацыюецца з жаночымі крыкамі і нападамі АМАПу, з запэцканым крывёю беларускім нацыянальным сьцягам і сьценамі турмаў, дзе часам для “выжываньня” лепш увогуле ня мець гэтага голасу.
У Беларусі ты Русалка. Там табе байцы АМАПу вырвуць голас разам з нагамі.
Сцэны са спектакля “Гераіні”. Фота – Vojtěch Šoula, David Konečný.
***
“Femme fatale”
“Ты не актрыса, яна не рэжысёрка – усё ў адным месцы”.
“Гераіні не маюць клуба, дзе б змагаліся з патрыярхатам.
Гераіні ствараюць клубы, дзе змагаюцца з патрыярхатам”.
У беларускім тэатры па-ранейшаму існуе патрыярхальны стэрэатып, што рэжысёр сярэдняга ўзросту без адпаведнай адукацыі і вопыту можа мець зорны патэнцыял. У адрозненне ад гэтага, рэжысёрка пакалення Z без вопыту, нават калі яна мае адпаведную адукацыю, наканавана пацярпець няўдачу ў гэтай вобласці.
Гераіня знаходзіць у сабе сілы абвергнуць стэрэатыпы. “Упасці, убачыць кроў. Прачнуцца”.
Сіла. Гэтае слова гучыць з калонак некалькі разоў запар. Я ведаю, чаму. Бо сіла – бадай, адзіная якасць, якая трымае жанчыну над паверхняй, каб яна не патанула ва ўсіх гэтых патрыярхальных клішэ. Архетып femme fatale здаецца мне іх спараджэннем. Але мне падабаецца фармулёўка з Вікіпедыі: “Сучасную фатальную жанчыну ў прозе звычайна апісваюць як жанчыну са звышнатуральнымі сіламі, яна падобныя да ведзьмы (…)” Жанчына — гэта ведзьма. Спалучэнне яе ўнутранай сілы, чуласці і ўпартасці ў барацьбе са стэрэатыпамі, у барацьбе за права голасу, за права вучыцца ці працаваць падаецца мне гераізмам. Хоць барацьба за адэкватнасць і справядлівасць даволі стомная. Але ж “гераіні стомленыя”.
“Стомленасць – гэта толькі замаскіраваная лянота”.
Гэта не лянота, а роспач, якая прымушае “сціснуць зубы і даспаць потым”. Я стамілася пераконваць, што я добрая ў тым, што цяпер раблю. Што я таленавітая і магу рабіць шмат рэчаў, а не проста сядзець у залі і баяцца выказаць свае думкі, або насіць каву і задавольваць эга сваіх творчых куміраў.
“Я тонкая белая лінія, што засталася пасля самалёта...” Але я не хачу заставацца чымсці пасля кагосьці. Я не буду жанчынай, якая таемна пераапранаецца ў мужчыну, каб сыграць у п'есе Шэкспіра. Я хачу чуць, як рэха маёй думкі адбіваецца ад сцен глядзельнай залы, нават калі нейкі рэжысёр можа падумаць, што я няздольная. Я публічна выкрыю сваю павышаную адчувальнасць і пушчу яе па венах тэатра.
“Гераіні — гэта жанчыны, якія не ўпісваюцца”.
Фізічныя практыкаванні і дыскусія. Падрыхтоўка спектакля “Гераіні”. Фота: Vojtěch Šoula.
Тут, працуючы над “Гераінямі”, я знайшла самы бяспечны прытулак для ўсяго, чым я ўжо ёсць і магу быць, дзякуючы самой ідэі пастаноўкі. Тут апынуліся ў бяспецы мае меркаванні, мая ўсмешка і раптоўныя прапановы, мае першыя пераклады сцэнічнага тэксту, мая плаксівасць і ўпартае жаданне атрымаць практычны тэатральны вопыт. У гэтым будынку знайшлі разуменне і былі гасцінна сустрэтыя мае траўмы, мой боль і хваравітае захапленне тэатрам. Мая “фэм фатальнасць” не выклікае ў навакольных ні насмешак, ні жалю.
“Маё каханае, дарагое пачуццё, ці ты сапраўднае?”
Тут, у рэпетыцыйнай залі і на падворку, назіраю за іншымі. Разам шукаем адказ на пытанне: “Дзе маю карані і ногі?” Я знаходжу ў сабе смеласць далучыцца, каб вывучаць свае магчымасці, і маленькімі крокамі цалкам пераўтвараюся ў жанчыну, якая некалі не ўвайшла ў давер аднаго са сваіх рэжысёрскіх куміраў, якая яму не падышла, бо ва ўсім для яго была “у адным месцы” — занадта “чуллівая”, занадта “ранімая”, занадта “баявая” і занадта “перфекцыянісцкая” драматургіня (без адпаведнай адукацыі). Але ў той жа час менавіта з-за гэтых яе якасцяў – занадта добрая, каб заставацца той самай фатальнай жанчынай, так неабходнай яго артыстычнаму эга.
“Гераіні не павінны адчуваць сябе бяздоннай крыніцай натхнення”.
Пасля рэпетыцыі доўга гляджу сабе ў вочы. Некалькі чалавек з трупы казалі мне падчас практыкаванняў, што мае вочы ненатуральна блакітныя, надта яркія і наэлектрызаваныя, як у ведзьмы. Гераіня – гэта тая, што ў люстэрку.
***
Генеральныя рэпетыцыі пад дажджом – гэта гераізм.
Балансуючы паміж мікрафонам і парасонам, Брно і Варшавай, сцэнарыем, пледам і шклянкай цёплага глінтвейну, беларускай, англійскай, польскай і чэшскай мовамі, пры тэмпературы на вуліцы, якая ледзь дасягае дванаццаці градусаў – рэжысёрка Паліна Дабравольская для мяне гераіня. Мая стомленасць ад дрэннага беларускага тэатра ў выгнанні побач з ёй раптам раствараецца. Наша камунікацыя “хаця б на аскепак секунды” вяртае мяне дадому. Спачатку Паліна падалася мне вельмі патрабавальнай і самавольнай артысткай. Я думала, што мы зусім розныя. Але маім маленькім гераізмам былі як раз штодзённыя намаганні і здольнасць зразумець яе, і ўрэшце выявіць падабенства. Тое, што Паліна выказвае ўслых, я хаваю пад маўклівай задуменнасцю.
Генеральныя рэпетыцыі спектакля “Гераіні”. Фота: Vojtěch Šoula.
***
“Чым вымяраецца гераізм? Колькасцю? Якасцю?”
Думаю пра гэта на асабістым узроўні. Для мяне, напрыклад, гераізм таксама вымяраецца пачуццямі. Чым большыя мае дасягненні, тым мацнейшыя эмоцыі яны ў мяне выклікаюць. Напрыклад, я збіраю паклоны са сваіх прэм’ер. Дакладней, іх фота і відэа. Гэта адна з нямногіх рэчаў, на падставе якіх мая сям'я можа лічыць мяне гераіняй. А я гэтага і хачу. Я хачу, каб яны ганарыліся мной. Яны ўклалі ў мяне ўсё магчымае, каб я гэтай гераіняй стала, каб набралася смеласці ісці за сваёй марай і эксперыментаваць з жыццём, змяняць прафесіі і, нарэшце, знайсці сябе ў тэатры. Працаваць у тэатры – таксама гераізм, бо, бадай, нідзе ў свеце годна не аплочваецца. Абраць справу перш за ўсё для душы, а не для грошай — гэта для мяне гераізм. Наступным ягоным сьведчаннем будзе фотаздымак майго чэшскага дыплома аб заканчэнні магістратуры, які я дашлю бацькам праз WhatsApp.
Пасля прэм’еры “Гераінь”. Фота: David Konečný.
***
“Што мне апрануць, каб мяне слухалі?”
Замест таго, каб пераварочваць свой гардэроб, як гераіня на сцэне, за якой зараз назіраю, я звычайна адказваю на гэтае пытанне, сінтэзуючы ўласны густ і нормы афіцыйнага дрэс-кода. Для мяне важна, каб адзенне казала перш за ўсё пра тое, хто я і якая я. Адчуваю, што мне не падабаецца, як гераіня ў той ці іншай сітуацыі думае не пра тое, што ёй трэба і чым яна хоча падзяліцца, а пра тое, як яе знешнасць могуць успрыняць іншыя: “Тады яны скажуць, што я проста хацела выкарыстаць сваю жаночую зброю”. Слухаю гэта і не вельмі разумею. Мяркую, паціху давядзецца саромецца таго, што прырода дала нам грудзі.
Гераізм – гэта не саромецца карыстацца сваёй жаночай зброяй.
***
Абіраю сваю новую доўгую чорную сукенку з элегантным дэкальтэ, якое я называю арыстакратычным — яно не правакуе, а падкрэслівае маю прыгажосць. Прыгажосць жаночага цела.
“Вестаніцкая Венера”.
Але мне не прыходзіць у галаву, што гэта будзе ледзь не адзінае, што зробіць мяне цікавай мужчынам у вечар пасля прэм’еры. Замест адпаведнай размовы яны будуць называць мяне «прынцэсай» і амаль не будуць унікаць у сэнс перажыванняў, якімі шчыра хачу падзяліцца. Я хацела б пазбегнуць гэтых поглядаў і збегчы куды-небудзь, але я разумею, што быць выхаванай – таксама гераізм... і цярплю гэта.
“Заўсёды. Будуць. Каментаваць. Грудзі”.
На маё шчырае пытанне, навошта яны гэта робяць, я атрымліваю вельмі банальны адказ: “Ну, у цябе такое дэкальтэ, яны ж мужчыны...” Памятаю яшчэ адну фразу, ужо ад іншага мужчыны: “Мне трэба дэкальтэ. Адкрытай спіны недастаткова”. Але я не пыталася, чаго хто з іх чаго хоча, і не імкнулася іх уразіць. Я толькі апранула тое, што выказвае мой настрой, унутраны стан і тое, як я ўспрымаю гэты спектакль, што я адчуваю. Для кожнай прэм'еры я заўсёды падбіраю сукенку ў адпаведнасці з кантэкстам і тэмай пастаноўкі. Не ведаю, чаму, але ў большасці выпадкаў яны менавіта чорныя.
“Гераіні могуць апранацца як заўгодна”.
Вось пра што гэты праект, таму ён так важны для мяне. Я хачу, каб людзі прыслухоўваліся да тэатра, бо ён не заўсёды робіцца для забавы. Трэба думаць пра тое, што тэатр перш за ўсё сапраўды выкрывае праблемы. Гаворыць за нас, у дадзеным выпадку – за жанчын, якіх трэба ўспрымаць сур'ёзна, як асоб, а не як статуэткі Вестаніцкай Венеры, не проста як прыгожых і маўклівых муз, вымушаных нерухома сядзець у кутку і да канца сваіх дзён пазіраваць нейкаму творцу.
***
“Афелія жыве”
Гераізм – гэта ператварыць свае забабоны у новую філасофію.
Раней я ў нейкай ступені адмаўляла фемінізм. Цяпер, пасля працы над “Гераінямі”, я ведаю, што проста не разумела яго сутнасьці. Думаю, што фемінізм — гэта абарона жанчыны ад свету, у якім яна апрыёры ўспрымаецца як слабейшая, менш разумная, менш здольная, менш таленавітая і больш абмежаваная ў сваіх здольнасцях, чым мужчына.
Сцэна са спектакля “Гераіні”. Фота: David Konečný.
“Вядома, ты – баба, што ты можаш ведаць і разумець?”
“Хто гэта шаптаў?
Хто даваў указанні?”
Неаднойчы мне даводзілася чуць ад розных жанчын, што мужчыны такое ці нешта падобнае кідалі ім у твар – ці то дома, ці то на сцэне. У асноўным такія гісторыі паходзяць з постсавецкай прасторы. Там яшчэ дагэтуль жыве і пануе сэксісцкі стэрэатып...
У большасці выпадкаў, аднак, жанчыны маўчаць. Я ведаю, што цяпер бы адказала адразу. Я б выбухнула і выказала усё, што б мне ў той момант прыйшло ў галаву. Гэта я цяпер лічу фемінізмам. Не даказваць нічога, не апраўдвацца, а накіраваць чалавека туды, адкуль ён і яго прэтэнзіі прыйшлі. У тое самае “адно месца”. Адчуваю, як ува мне кіпіць гэтая ўпэўненасць — чым больш я слухаю сцэнічны тэкст “Гераінь” і успрымаю яго змест, перажываю акцёрскую інтэрпрэтацыю, тым мацней. Заплюшчваю вочы.
“Дзе я? Дзе я? Я тут”.
Разумею, наколькі пастаноўка падобная да мяне самой. Яна эклектычная, але ёй гэта пасуе, яна здаецца дзіўнай, часам нават страшнай. Тут, на апошніх рэпетыцыях “Гераінь”, я гляджу сваім страхам у вочы. Мне дрэнна. Але ў добрым сэнсе. Я ўсё занадта перажываю? Ці не варта перастаць плакаць і думаць пра балючыя асацыяцыі, якія выклікае ўва мне пастаноўка? Хіба я не павінна быць меней чулай, ці павінна я больш усміхацца? Да чорта.
“Не глядзіце на мяне. Ці павінная я вам штосьці? Ужо нічога”.
Сцэны са спектакля “Гераіні”. Фота: David Konečný.
Кожны рух актрысы падчас распранання, кожны яе крок па лесвіцы ці да вады трымае мяне ў напружанні і ў той жа час вучыць, што такі стан — гэта цалкам нармальна. “Гераіні” – гэта маніфест, які кажа жанчынам: “Ты ў парадку”. Я ў шоку. Не усведамляючы гэтага, адкрываю рот і пачынаю сінхронна з акторкай Тэрэзай Марэчкавай прамаўляць тэкст напаўгучным голасам. Але далучаюся толькі да паэтычных адказаў на нападкі астатніх.
“Я не карабель, які можа паслаць такі моцны сігнал, каб яго пачулі касаткі і кашалоты. Я тая, што прыкусіць сабе язык…” – Сляза. “…Стаіць на беразе і глядзіць на караблі, што плывуць удалечыні”. Цяжкая сляза.
Я падумала, што сярод іншага мяне, напэўна, кранулі фармулёўкі тэкстаў па-чэску і раптоўнае ўсьведамленьне, што я працавала над іх перакладамі. Вершы беларускай драматургіні сталі для мяне раптам як родныя дзеці. Яны – гэта я, яны са мной, “яны выліваюцца на мяне гарачым душам...”
Я ўсміхаюся. Божухна. Няма лепшага спосабу адчуць тэатр, чым успрыняць яго як іншага чалавека.
“Пакуль маё цела зацягвае віхор”.
Наталля Міхаліна Скарынка